БРЭ́СЦКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,
помнік грамадзянскай архітэктуры. Пабудаваны ў 1926 (арх. С.Філасевіч) з выкарыстаннем элементаў позняга класіцызму і эклектычных элементаў арх. стылістыкі пач. 20 ст. Трохпавярховы будынак з высокім цокальным паверхам складаецца з 2 узаемна перпендыкулярных крылаў, злучаных аб’ёмам у выглядзе дамінуючай над усёй пабудовай ратонды са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны сферычныя нішы, сандрыкі на фігурных кранштэйнах, ляпныя элементы. Будынак завершаны развітым карнізам з парапетамбалюстрадай. У будынку размешчана абл. кантора банка.
т. 3, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)